ЧЭСМЕ́НСКІ БОЙ 1770,

марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 7.7.1770 у бухце Чэсма (Чэшме) у Хіяскім праліве Эгейскага м. ў рус.-тур. вайну 1768—74 (гл. Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту). Рас. эскадра (9 лінкораў, 3 фрэгаты, 1 бамбардзірскі карабель) пад камандаваннем А.Р.Арлова (фактычна камандаваў адм. Р.​А.​Спірыдаў) 5 ліп. атакавала каля Чэсмы тур. флот (16 лінкораў, 6 фрэгатаў, 6 шэбек, 13 галер, 32 галіёты; каманд. капудан-паша Хасанбей) і патапіла флагманскі тур. карабель (разам з ім узарваўся рас. лінкор «Яўстафій»). Тур. караблі спешна адплылі ў Чэсменскую бухту, дзе былі заблакіраваны. Ноччу 7 ліп. да ўваходу ў бухту падышоў рас. авангард на чале з контр-адм. С.​К.​Грэйгам (4 лінкоры, 2 фрэгаты, 1 бамбардзірскі карабель), уварваўся ў бухту і артыл. агнём знішчыў тур. флот (ацалелыя 1 лінкор і 5 галер трапілі ў палон). Туркі страцілі больш за 10 тыс. чал., расіяне — 11 чал. забітымі. У выніку гэтай перамогі рас. ВМФ запанаваў у Эгейскім м., а граф Арлоў атрымаў тытул Чэсменскага.

Літ.:

Кулешов И.М., Печатина М.И., Хвощинская Л.З. Музей-памятник «Чесменская победа»: Путеводитель. Л., 1986;

Доценко В.Д. Морские битвы России, XVIII—XX вв. СПб., 1999.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)